НАРМА́НДСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ А́НГЛІІ 1066,
уварванне ў Англію нармандскага і франц. рыцарства на чале з герцагам Нармандыі Вільгельмам, які прэтэндаваў на англ. прастол пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка (1066). Войскі Вільгельма пераплылі на парусніках Ла-Манш і высадзіліся на Паўд. узбярэжжы Англіі. У вырашальнай бітве паміж войскамі Вільгельма і новага англасаксонскага караля Гаральда II 14 кастр. каля Гастынгса нармандская конніца перамагла пешых англасаксаў. Гаральд загінуў. Вільгельм стаў каралём Англіі (гл. Вільгельм I Заваёўнік). У выніку Н.з.А. англасаксонская знаць была пазбаўлена б.ч. зямель і адхілена ад улады, яе месца заняло дваранства нарманафранц. паходжання. Вільгельм стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, якая ўключала вял. тэрыторыі і ў Англіі, і на мацерыку. Усе землеўладальнікі павінны былі прынесці каралю васальную прысягу вернасці («Салсберыйская прысяга»), У 1086 паводле загаду Вільгельма быў складзены кадастр усіх зямель Англіі — т. зв. «Кніга страшнага суда».
А.М.Сурта.
т. 11, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)